У пятніцу пасля ператрусу быў затрыманы Дзяніс Тушынскі: сябра Цэнтральнага Савету Беларускай партыі «Зялёныя», наш таварыш і вядомы экалагічны актывіст. Затрыманне адбылося пасля ператрусу, пасля чаго ён быў дастаўлены ў ІЧЗ і зараз чакае суд, які мае адбыцца ў панядзелак. Нам вядома, што абвінавачанне высунутае па арт. 19.11 КАП, але ўсё яшчэ нам невядомыя ані канкрэтныя абставіны затрымання, ані дакладныя прычыны затрымання. Дзяніс Тушынскі раней затрымлівался за незалежнае назіранне ў жніўні 2020 г.
За апошні год улады Беларусі дзейнічаюць такім чынам, што любое альтэрнатыўнае меркаванне з’яўляецца «экстрэмізмам». Былі закрытыя дзясяткі СМІ, спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў за мінулы год пашырыўся на 100 лістоў — больш, чым за папярэдні час існавання спісу і ня кожны беларус зможа хутка адпавесці на пытанне: які тэлеграм-канал прызнаны экстрэмісцкім, а які яшчэ не.
Беларуская партыя «Зялёныя» рашуча пратэстуе супраць затрымання Дзяніса Тушынскага і патрабуе яго тэрміновага вызвалення. Таксама, партыя праінфармуе пра затрыманне сваіх партнёраў па Еўрапейскай партыі «Зялёныя».
UPD: Дзяніс Тушынскі пакараны на 15 сутак Фрунзенскім раённым судом г. Мінска па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў»