Заява Беларускай партыі «Зялёныя» пра няўдзел партыі ў выбарчай кампаніі 2020 года

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь прызначыла прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня 2020 года. Гэта практычна на месяц перасунула выбарчую кампанію ва ўмовах пандэміі каранавірусу і прывяло да наступнага:

Першая частка кампаніі (збор подпісаў) пройдзе з 21 траўня па 19 чэрвеня, на гэты прамежак часу прыпадае разгар эпідэміі COVID-19 у Беларусі. Улады самаўхіліліся ад вырашэння гэтай праблемы, не прапанаваўшы бяспечны для членаў камандаў кандыдатаў і выбарцаў спосаб кантакту пад час кампаніі.

Няроўныя ўмовы для кандыдатаў. Папярэднія паводзіны ўладаў дазваляюць нам заявіць, што пад час гэтай кампаніі будуць задзейнічаныя традыцыйныя механізмы фальсіфікацыяў, а праўладныя кандыдаты будуць выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс. У якасці кандыдатаў будуць выстаўлены асобы, мэта якіх – стварыць бачнасць канкурэнцыі ў электаральным працэсе, у тым ліку і такія, якія карыстаюцца падтрымкай буйнога бізнесу. У сваю чаргу, дэмакратычных кандадатаў паставілі ва ўмовы, якія пазбаўляюць іх шансаў сабраць 100 тысячаў подпісаў.

Верагодная забарона назіральнікам удзельнічаць у пасяджэннях камісій на сам рэч не мае на мэце абарону гэтых камісій ад заражэння каронавірусам. Па гэтай логіцы, выбары ўвогуле трэба было б адмяніць. Падаецца, што мэта адхілення назіральнікаў — перашкодзіць гарантаванаму законам грамадскаму кантролю над працэсам выбараў.

Беларуская партыя «Зялёныя» звяртае ўвагу беларускіх уладаў:

  • на адказнасць за здароўе і жыцці грамадзянаў Беларусі,
  • абавязак забяспечыць роўны доступ да выбарчага працэсу ўсіх ягоных удзельнікаў,
  • абавязак арганізаваць дэмакратычныя і справядлівыя выбары.

Ва ўмовах, калі беларускія ўлады фактычна самаўхіліліся ад сваіх абавязкаў, мы звяртаемся да беларускіх грамадзянаў з заклікам, клапаціцца пра сваё здароўе самастойна: па магчымасці забяспечваць рэжым самаізаляцыі, пільнаваць рэспіраторны этыкет, скараціць непатрэбныя кантакты і карыстацца сродкамі абароны ў тым ліку і пад час выбарчай кампаніі.

Беларуская партыя «Зялёныя» не будзе ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі 2020 года і выстаўляць свайго кандыдата.

Беларуская партыя Зялёныя