Беларуская партыя «Зялёныя» заклікае спыніць ціск на моладзевых актывістаў, што пратэстуюць супраць безадказнасці ўлады ў дачыненні эпідэміі каронавіруса.
Апошнімі днямі на моладзевых актывістаў, што крытыкуюць палітыку дзяржавы ў адносінах да эпідэміі каронавіруса, стаў аказвацца моцны ціск.
8 траўня былі затрыманыя, а 11 траўня асуджаныя за ўдзел у акцыі супраць вайсковага парада пад час эпідэміі двое актывістаў
Моладзевага Блока. Лізавета Пракопчык была асуджаная на 5 сутак адміністрацыйнага арышту, Даніла Лаўрэцкі (які таксама з’яўляецца сябрам партыі Зялёныя) — на 13 сутак.
9 траўня пяць моладзевых актывістаў былі затрыманыя з парушэннем закону і беспадстаўна ўтрымліваліся супрацоўнікамі міліцыі. Фактычна мова ідзе нават не пра беспадстаўнае затрыманнне, а пра выкраданне людзей.
Так актывістка Маладых Зялёных Вераніка Яновіч была выкрадзеная каля свайго дома людзьмі ў цывільным, якія пазней выявіліся супрацоўнікамі АМАП, і дастаўленая ў пастарунак, дзе правяла 12 гадзін без аніякіх законных падставаў. Міліцыянты не давалі ёй і іншым выкрадзеным маладым людзям магчымасці звязацца з роднымі і паведаміць пра сваё месцазнаходжаннне.
Пасля гэтага за дамамі, дзе жывуць моладзевыя актывісты, вялося незаконнае назіранне — каля іх дзяжурылі аўтамабілі з танаваным шклом, падобныя на тыя, што выкарыстоўваліся для затрыманняў і выкраданняў актывістаў.
Мы патрабуем спыніць ціск на моладзевых актывістаў, вызваліць арыштаваных, а таксама правесці расследванне ў дачыненні супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.